Установа культуры «Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей»

Музей быў заснаваны ў 1920 г., а ў 1922 г. адкрыты для наведвальнікаў. Праз два гады магістрат перадаў музею памяшканні Старога замка. Тут, на Замкавай гары, у гістарычным цэнтры горада захавальнікам музея Ю. Ядкоўскім падчас археалагічных раскопак былі адкрыты руіны каменных пабудоў XII - XVII стст. У 1990 г. музею перадалі Новы замак, а затым дом майстра — тыпавы жылы дом другой паловы XVIII ст.

Экспазіцыя займае 30 залаў, дзе для агляду выстаўлена звыш 8 тысяч экспанатаў. Асноўная частка экспазіцыі размешчана ў палацы Старога замка — аддзелы археалогіі, гісторыі і прыроды краю. На Замкавай гары можна наведаць археалагічны раскоп з руінамі Ніжняй царквы — помніка гродзенскай школы дойлідства XII ст. У Новым замку дзейнічаюць экспазіцыі “Новы замак. Падзеі і лёс”, “Захаваныя каштоўнасці”, “Дзівосны свет прыроды” і “Зброя мінулых стагоддзяў”, якія дэманструюць найбольш каштоўныя музейныя калекцыі.

Музей гісторыі Гарадніцы, прысвечаны рэфарматарскай дзейнасці падскарбія надворнага ВКЛ Антонія Тызенгаўза ў Гродна. Штогод музей наведвае звыш 150 тысяч чалавек, праводзіцца больш за 2 тысячы экскурсій. Асноўны фонд музея налічвае 172137 адзінак захоўвання. У складзе музейнага збору — багатыя археалагічныя калекцыі, дакументы і старадрукі. Сярод найбольш каштоўных прадметаў — інкунабулы, палеатыпы, дакументы XVI - XVIII стст. Нумізматычная калекцыя налічвае звыш 30 тысяч манет ВКЛ і Рэчы Паспалітай, Венгрыі, Швецыі, Расіі. У мастацкіх калекцыях — заходнееўрапейская графіка XVII - XX стст., меднае ліццё XVI - XIX стст. Значную цікавасць уяўляе калекцыя зброі і вайсковага рыштунку X - XX стст. Праводзяцца аглядныя і тэматычныя экскурсіі, здзяйсняюцца музейна-адукацыйныя праграмы: “Музей школе”, “Гродназнаўства”, “Музейныя гісторыі для самых маленькіх”. Яны даюць уяўленне аб асноўных момантах гісторыі Гродна, развіцці культуры і мастацтва Беларусі, знаёмяць з жывёльным і раслінным светам асноўных прыродных ландшафтаў Гродзенскай вобласці і розных прыродных зон і геаграфічных абласцей Зямлі.

Дадатковыя крыніцы аб музеі:

Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей. Ekskursii.by