Выстава "Прысвячэнне заснавальніку" да 90-годдзя Гродзенскага музея і 120-годдзя з дня нараджэння першага дырэктара Юзафа Ядкоўскага


У Новым замку да 90-годдзя стварэння музея і 120-годдзя з дня нараджэння першага дырэктара Юзафа Ядкоўскага адчынілася выстава “Прысвячэнне заснавальніку”. Яна знаёміць з жыццём і творчай спадчынай Юзафа Ядкоўскага, а таксама з дзейнасцю музея.
Асобную частку выставы складае нумізматычная калекцыя музея, прадстаўленае у такім складзе ўпершыню.

Экспанаты, прадстаўленыя на выставе, паходзяць з самых першых збораў музея і многія з іх экспануюцца ўпершыню.
Гэта дакументы XVI ст., падпісаныя каралём і вялікім князем Стэфанам Баторыем, якія зацверджаны вялікай княжацкай пячаткай, магістрацкія кнігі Гродна XVIII ст.
Вельмі цікавы экспанат – харугва цэху шаўцоў XVIII cт. Падобную харугву (сцяг) меў кожны цэх. На ёй адлюстраваны сімвалы цэха: усёбачнае вока Бога, стылізаваны бот, галінка лаўра. На адваротным баку знаходзіцца абраз Маці Божай. Статуты цэхаў зацвярджаліся прывілеямі вялікага князя (караля). Такі канфірмацыйны (пацвярджаючы) прывілей Аўгуста ІІ правоў і вольнасцяў гродзенскага мулярска-цяслярска-ганчарска-бандарскага цэху ад 1 студзеня 1699 года, напісаны ў Гродне, прадстаўлены на выставе.
Асобна хацелася б адзначыць кнігазбор музея, які ахвяравала музею Марта Красінская ў 1927 годзе. Гэта 10 тыс. тамоў XVI-XIX ст., у большасці па гісторыі наднёманскага краю, земляў Вялікага княства Літоўскага і ўсёй Рэчы Паспалітай. Некаторая частка кніг з гэтага кнігазбору экспануецца на выставе.
Найбольш ураджвае абраз “Танец смерці” XVII ст. аўтарам якога магчымым з’яўляеца бернардын Францішак Лякшыцкі. Абраз мае нетыповы сюжэт і складаецца з 16 сцэн. Малюнкі адлюстроўваюць іерархію ўсіх людзей на зямлі, ад папы рымскага да простага селяніна, якія танцуюць са смерцю. Галоўны сэнс малюнкаў– паказаць марнасць чалавечага жыцця, бяссільнасць улады і багаццяў перад смерцю і зарыентаваць людзей на неабходнасць імкнуцца да вечнага жыцця ў небе.
Асобная частка экспазіцыі прысвечана стварэнню музея. Тут можна ўбачыць музейныя пячаткі, фотаздымкі тагачаснай экспазіцыі, навуковыя і графічныя працы першага дырэктара музея Юзафа Ядкоўскага.

Музейная калекцыя нумізматыкі фарміравалася за кошт дарэнняў ад прыватных асоб і перадачы ад розных арганізацый і ўстаноў, правядзення археалагічных даследаванняў. Першым унёскам стаў дар Юзафа Ядкоўскага, які передаў музею грошы паўстанцкага ўраду Т.Касцюшкі і талеры Княства Варшаўскага 1831 г.
У 1930 г. падчас будаўніцтва набярэжнай з дна Нёмана разам з зямлёй і глеем было паднята шмат манет. Сярод іх 2 старажытнарымскія медныя манеты часоў Канстанціна І Вялікага і Феадосія І Вялікага. На выставе прадстаўлены манеты Рымскай Імперыі часоў Тыберыя, Нерона, Траяна, Марка Аўрэлія, Камода, Грацыяна, Візантыйскай Імперыі часоў Канстанціна VІІІ і Міхаіла ІV, Арабскага Халіфата часоў Абасідаў і Саманідаў, Залатой Арды часоў хана Узбека.
Некалькі разоў перадаваў музею манеты 12 – 14 стагоддзяў нумізмат Л.Вільконьскі. Нумізмат з Познані М.Гумоўскі падараваў львоўскі і каронныя паўгрошы Уладзіслава ІІ Ягайлы.
З 1922 па 1930 гады ў музей паступіла 5 манетных скарбаў. З дапамогай ксяндза У.Талочкі былі набыты 10 срэбных грыўнаў са скарба, знойдзенага ў в.Рыбішкі пад Вільняй.
Да 1939 г. музейная калекцыя налічвала больш за 15 тысяч манет. Але пасля Вялікай Айчыннай вайны ад яе мала што засталося. Супрацоўнікам музея прыйшлося аднаўляць калекцыю. У 1947 г. калекцыянер Г.Пех перадаў музею больш за 360 манет, у тым ліку 74 срэбныя. Большасць з іх - расійскія манеты, выпушчаныя пасля 1730 г. Значная колькасць манет 18–20 стагоддзяў, у тым ліку залатыя расійскія рублі, трапіла ў музейную калекцыю з дапамогай гарадзенсіх мытнікаў. Самая старажытная манета, прадстаўленая на выставе – тэтрахалка, выпушчаная на гарадскім манетным двары г.Аміс у Панційскім Царстве (3 ст. – 90 г. да н.э.) – таксама перададзена гродзенскай мытняй. Зараз у нумізматычнай калекцыі ГДГАМ каля 23 тысяч манет, у тым ліку 15 манетных скарбаў.
У першай вітрыне экспануюцца старажытныя польскія манеты – дэнарыі і брактэаты ад часоў Баляслава І Храбрага да Уладзіслава ІІІ Варненчыка.
У 3-х наступных вітрынах прадстаўлены манеты са скарбаў, выпушчаныя ў часы каралёў польскіх і вялікіх князёў літоўскіх ад Казіміра IV Ягелончыка да Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Экспануюцца манеты, якія былі выпушчаны ў 16–18 стагоддзях у Прусіі, на землях Свяшчэннай Рымскай Імперыі, у Шведскай Прыбалтыцы. Заходнееўрапейскія талеры 16 – 18 стагоддзяў прадстаўлены патагонамі, лёвендаальдарамі, рыксдаальдарамі і дукатамі Нідэрландскіх правінцый, іспанскімі рэаламі.
У 16–18 стагоддзях на нашы землі траплялі і расійскія дзенгі і капейкі ад часоў Івана ІV Грознага да Міхаіла Фёдаравіча.
Невыпадкова ў скарб, знойдзены ў 1956 г. у вёсцы Лікаўка Гродзенскага раёна, трапіў торнер Каралеўства Шатландыя, выпушчаны ў 1632-1633 гадах. Гэта маленькая медная манетка з выявай кветкі чартапалоху, абкружанай лацінскай легендай “NEMO ME IMPUNE LACESSET” (Ніхто не дакранецца да мяне беспакарана), была першай прадстаўніцай меднаграшовага абарачэння на беларускіх землях у 17 ст.
Дзве вітрыны выставы знаёмяць з расійскімі манетамі, выпушчанымі на працягу 18 – пачатку 20 стст. Тут таксама можна ўбачыць манеты, якія выпускала Расійская Імперыя для польскіх земляў, Фінляндыі і Грузіі, а таксама манеты Княства Варшаўскага 1807 – 1815 гг. і паўстанцкага ўрада Каралеўства Польскага 1831 г.
Асобная вітрына прысвечана манетам ХХ стагоддзя. Гэта польскія манеты 1923 – 1939 гадоў, манеты Савецкай Расіі 1921 – 1922 гадоў і грошы СССР.
Памятныя манеты Нацыянальнага банка РБ прадстаўлены серыямі “Беларусь і сусветная супольнасць”, “60-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне”, “Сямейныя традыцыі славян”, “Святы і абрады беларусаў”, “Гарады Беларусі”, “Помнікі архітэктуры Беларусі”, “Умацаванне і абарона дзяржавы”, “Заказнікі Беларусі”, “Ахова навакольнага асяроддзя”, “Спорт” і інш.
Аддаючы даніну Ю.Ядкоўскаму як археолагу, на выставе экспануюцца кашалёк і накладка на кашалёк, ракушкі кауры і скарбонкі, знойдзеныя археолагамі на Гродзеншчыне ў 1960 – 1980-я гг. Са скарба, знойдзенага Г.Семянчуком, экспануецца двуграшовік літоўскі, які за ўсю гісторыю дзяржавы выпускаўся толькі на працягу 1565 года.
Прадстаўлены кнігі па нумізматыцы. Сярод іх працы вядомых нумізматаў М.Гумоўскага і С.Чыжова з дарункавымі надпісамі першаму дырэктару Гродзенскага музея.

145